Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Пазваніў… Адкрыла мне дзверы… тая самая мілая кабетка з бібліятэкі, якая з машынамі. Абое мы разгубіліся: я падумаў, што памыліўся дзвярыма, яна… не ведаю, што падумала яна, ды яшчэ ўбачыўшы мяне з такім эскортам.
Выявілася, што гэта жонка Барыса Раманавіча (добра, што я не задаў пытання накшталт: "А вы як тут?"), і ўжо як яна пасля яго ні ўмаляла выступіць, кажучы, што я быў у яе самым ідэальным партнёрам, без агаворак. На жаль, было нельга, Гмыра напярэдадні пайшоў у водпуск і даў сабе волю, з'еў сем порцый марожанага. Але канцэрт быў. Гэты дзядзька з-пад Харкава, даведаўшыся, што я беларус, сказаў, што ў яго нехта з бацькоў (ці дзядоў, не помню) таксама з Беларусі, і ўсю рэштку дня да ночы мы з ім спявалі ("мы аралі") беларускія народныя песні, якія ён памятаў. Не думаю, што ён сказаў пра продка-беларуса з ветлівасці, бо песні ён ведаў сапраўды глыбінныя, неапрацаваныя, такія, якія і зараз спяваюць недзе пад Туравам або Рагачовам ці Астраўцом. Гэта было лепей за ўсякі канцэрт, бо спявалі, што хацелі, дый я "падвываў" досыць удала, бо сярэдні мой голас быў у тыя часы ўсё ж лепшы, хлопцы-ўкраінцы ахвотна бралі мяне ў хор, а пазней я нават вёў барытанальна-басовую партыю ў хоры а capella "Бандура". Дый дзяўчаты мае — некаторыя — спявалі ва універсітэцкім хоры Святлічнай, так што атрымаўся канцэрт, які, можа, вось так, толькі раз ці два здараецца ў жыцці кожнага спевака.
А знаёмства з Зояй Гайдай! А бойка ў нейкім пустым цяпер Зялёным тэатры, бойка з хуліганскай кампаніяй, якая спрабавала асвістаць канцэрт Вярцінскага. Мы такі не далі ім зрабіць гэтага, бо мы такі проста ім далі і пазнаёміліся пасля са спеваком! А нашы тэатральныя куміры! А тое, што жывых беларускіх пісьменнікаў (за выключэннем Янкі Купалы, якога бачыў у дзяцінстве) я ўпершыню ўбачыў таксама ў Кіеве, пад час выступлення іхняга ў тым жа Зялёным тэатры. І тэатр Янкі Купалы бачыў я ўпершыню таксама там, і поспех ягоны быў — куды там сённяшняму!
…І, вядома, сябры, з якімі вучыўся. З усіх факультэтаў і "відділов", у прыватнасці з украінскага. Чытаеш зараз кнігі, бачыш "укладальнік такі", "прадмова такога", "пераклад з іспанскай і каментарый таго і таго", а сам успамінаеш, як жылі ў адным калідоры, па суседству, як здабывалі хлеб, як разам спявалі (выпадкова сабралася тры чалавекі, заспявалі, абраслі хлопцамі — гатовы хор). Словам, тое, пра што казаў украінец у адказ на запытанне, а што б ён рабіў, каб яго зрабілі царом. А ён ляжаў бы з усім сенатам пад вішняю і… "правив та співав би".
І ўспамінаеш, як вырашалі светавыя праблемы, як швэндаліся вулкамі і зацята спрачаліся аб паэзіі, праўдзе, любові да радзімы і проста любові і зноў, зноў аб паэзіі.
Дый што здзіўляцца. Былі мы звычайнымі дзяўчатамі і хлопцамі, маглі і напракудзіць, і згарэзаваць, і разыграць, і заступіцца за сябра ў бойцы, і выкінуць нешта зусім нечаканае. Але яднала нашу рэспубліку на Шостай Новай (там быў інтэрнат) не тое, што мы пальца не давалі свайго зачапіць, але хутчэй пачуццё хранічнай закаханасці ва Украіну, у Кіеў, ва ўсё на свеце. Словам, кажучы словамі песні:
"Все они красавцы, все они таланты, все они поэты…"
Многія з нас не ведалі, што іншыя пішуць вершы, многія нікому і не адкрываліся ў гэтым, так што даведаліся мы аб гэтым куды пазней. Але над нашымі галовамі лунала маці-паэзія, і з ёю нам чорт быў не брат. Я, праўда, выступіў аднойчы з чытаннем свайго верша "Кіеў" і нават быў узнагароджаны кнігай, але гэта хутка забылася. А верш я склаў адразу на трох мовах: украінскай, рускай і беларускай. Было гэта ў сакавіку 50-га года на першым курсе, і верш той недзе згубіўся, а кніга яшчэ ёсць. Дзіўнага тут нічога няма, я ў той час напісаў, акрамя беларускіх, яшчэ з дзесятак украінскіх і па некалькі рускіх і польскіх вершаў, спрабаваў сілы. Але, паўтараю, неяк праз пару год ніхто не ведаў, не помніў, што я пішу. Мы не лезлі з вершамі да іншых, мы, паўтараю, амаль заўсёды не ведалі, што сусед — паэт.
Можаце здзівіцца, але са мною ў адным пакоі жыло, як выявілася пасля, нязнаныя аж пяць, здаецца (не лічачы мяне), вядомых цяпер паэтаў. А колькі іх было ў суседніх пакоях, на іншых курсах!
Адкуль я мог ведаць, што вось гэты іранічны хлопец (як рана ён пайшоў ад нас!) — бліскуча таленавіты паэт Васіль Сіманенка? Адкуль я мог ведаць, што вось за ложак-другі ад мяне гэты белазубы і русявы юнак, які ўсміхаецца, трасе чупрынаю і запрашае ўсіх да сябе пад Бравары "копацьця в ставку, бо краце нема", — што гэта будучы паэт Мікола Сом? І што паэт — вось гэты крыху замаруджаны Толька Шаўчэнка? І што Толька Маскаленка, самая флегма, і Васіль Дзідзенка, дзівак з дзівакоў, і Тамара Каламіец, перад якой самыя грубіяны трымалі сябе як выхаваныя лорды, і Барыс Алейнік, і дзесяткі іншых, што яны — сабраты, саратнікі, паэты? Што гэты кіеўскі інтэрнат загрыміць з часам сваёй паэзіяй аж на ўсю Украіну і далёка за яе межамі?
А, каб вас бог любіў! Гэта для іншых яны — сузор'е. А для мяне яны — хатнія, з якімі дзяліліся хлебам і салам, калі было, і пра якіх мне няма чаго казаць гучныя словы.
А дзяўчаты кіеўскія! Дальбог, год гэтак пад трыццаць назад яны былі такія ж прыгожыя, як мінскія, слонімскія, рагачоўскія, а значыць, найпрыгажэйшыя ў свеце. І, божа мой, колькі ж яны задалі мне радасцяў і пакут сардэчных! Колькі праз іх было напісана вершаў, колькі пераплакана, колькі ідыёцкіх выхадак зроблена (перайшоў на руках па пярылах аднаарачны мост Патона між Першамайскім і Піянерскім паркамі — дзяўчаты здорава вішчэлі), колькі вулак і завулкаў выхаджана, асабліва ж на Пячэрску! Большасць маіх знаёмых чамусьці жылі там.
Ідзеш начнымі вуліцамі. Спяць дамы і паркі. Калі гэта зіма, то малады снег галосіць ад шчасця пад нагамі. Калі восень — апошнія лісты ціснуцца да ліхтароў (тут цяплей), як я цягнуўся да каханай і жыў ля яе святла і цеплыні.
Памятаю… Гэх, што ўжо цяпер "памятаю". Дай вам бог кахаць і быць адрынутым, і быць каханым, як кахалі мы і як кахалі нас. А так проста… дзякуй вам, кіеўскія дзяўчаты, за ўсё, што вы нам, што вы мне дарылі. Дзякуй за ўсе бездані адчаю і вяршыні шчасця, за песні, за ласку, за прыгажосць вашу, якая нятленная давеку стаіць і стаяць будзе ў маіх вачах.